УПК Корнадский детский сад - базовая школа » Пошукова-даследчая дзейнасць музея

Чтение RSS
 
 
 

Пошукова-даследчая дзейнасць музея

Пошукава-даследчая дзейнасць музея


Безумоўна, літаратура аб нашай вёсцы і раёне ёсць: асобнымі раздзеламі ўключана ў кнігу “Памяць”, аднак жа па этнаграфіі раёна амаль не існуе матэрыялаў, як і няма брашуры па матэрыяльнай і духоўнай культуры гэтай мясцовасці. У нашым раёне 140 населеных пунктаў, у некаторых з іх засталося па два-тры жыхары. Праз некалькі гадоў іх ужо можа не быць, а разам з імі знікае і багацейшая народная культура. Даследаваць і захаваць яе вельмі важна.

З мэтай паглыблення ведаў вучняў сярэдніх і старэйшых класаў у накірунку вывучэння гісторыі і культуры свайго рэгіёна ў верасні 2006 года было створана навуковае грамадства “Акме”. Адначасова кіраўніком музея (Лысевіч В.А.) распрацаваны адукацыйны праект “Развіццё даследчых уменняў вучняў праз выкананне праектаў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і народнай творчасці”.

Нашы вучні разам з кіраўнікамі праводзяць экспедыцыі, вывучаюць абрады рэгіёна, народныя рамёствы. Падчас гэтых паходаў на свае вочы можна пераканацца, што вёскі і дагэтуль застаюцца невычэрпнай крыніцай фальклору, этнаграфіі, народных промыслаў. У сельскага чалавека ёсць свая нацыянальная культура – лад жыцця, звычаі, ужытак. Да многіх састарэлых людзей, якія былі наведаны, раней ніхто з даследчыкаў-этнографаў не прыходзіў, а ў іх, напрыклад, уся хата ў вышыванках: расшыты бялізна, фіранкі, абрусы, ручнікі.

Кожны вугалок Беларусі захаваў фальклорныя, этнаграфічныя і іншыя асаблівасці, звычаі і традыцыі. Удзельнікі экспедыцый займаюцца даследчай і пошукавай работай, вызначаюць асаблівасці і самабытнасць культурнага асяроддзя, мясцовасці, вывучаюць яе ўздзеянне на нацыянальную і агульначалавечую культуру. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў вучні займаюцца аналізам фактаў і з’яў, сістэматызуюць матэрыял адносна яго месца і часу, знаходзяць сувязь паміж традыцыйнымі культурамі раёнаў.

Асноўныя формы работы: вывучэнне традыцый, духоўнасці, фальклора і абрадавай культуры; адраджэнне народных рамёстваў і промыслаў.

Збор мастацка-краяведчай інфармацыі праходзіць праз:
- непасрэдны ўдзел вучняў у каляндарна-абрадавых святах;
- назіранне і фіксіраванне народна-песеннага і танцавальнага фальклору;
- запісь песень, прыпевак;
- фота – і відэа арнаментаў ручнікоў, мастацкага аздаблення прадметаў быту;
- жывыя зносіны з мясцовымі жыхарамі, якія захоўваюць і развіваюць культурную традыцыю краю.
Абмеркаванне рэзультатаў, аналіз і адзнака сабранай інфармацыі і матэрыялаў адбываецца ў школе. Сабраныя матэрыялы папаўняюць фонды школьнага музея , выкарыстоўваюцца праз розныя формы выхаваўчай работы: канцэрты, фестывалі, святы, вечары.

Вынікам гэтых экспедыцыйных даследаванняў сталі працы вучняў “Традыцыйныя абрады на тэрыторыі Навадворскага сельскага савета” (кіраўнік Саўко А.К.), “Асаблівасці ручнікоў Ваўкавыска-Пружанскага строя” (кіраўнік Лысевіч В.А.), “Асаблівасці развіцця народных рамёстваў на тэрыторыі вёскі Корнадзь” (кіраўнік Лысевіч В.А.), “Асаблівасці народнага касцюма канца 19 – пач. 20 ст.” (кіраўнік Лысевіч В.А.) . На творчым рахунку – два дыпломы на першай раённай навукова-практычнай канферэнцыі(2006 -2007 нав. год), два дыпломы на абласной навукова-практычнай канферэнцыі (2007-2008 нав. год)., 2 дыпломы на раённай навукова-практычнай канферэнцыі (2009-2010 нав. год і 2010-2011 нав.год).

Экспедыцыйная група ў складзе Ботвіч К., Журкевіча Я., Аўдашковай Ж., Пархімовіч В., Іскрык Я. вырашыла, што настаў час прыпыніцца , заглыбіцца ў гістарычнае мінулае, азірнуцца навокал – і зразумець, што ў маральным і духоўным развіцці кожнага чалавека, станаўленні яго асобы існуе закон, паводле якога, як натуральна для чалавека дыхаць, спаць і есці, гэтак жа павінна быць натуральным, каб кожны з нас гаварыў на мове роднай зямлі, лічыў сябе прадстаўніком сваёй нацыі, умеў спяваць народныя песні, умеў танцаваць народныя танцы, ведаў прыказкі, прымаўкі свайго народа, ведаў, як светкаваліся спрадвеку святы ў нашым краі...”

Задачамі дадзенага даследавання, над якім вялася праца на працягу года, з’яўляліся наступныя:
* выявіць мясцовыя і агульнанацыянальныя рысы абрадаў і звычаяў на тэрыторыі Навадворскага сельскага савета на прыкладзе абрадаў Каляд, Масленіцы, Купалля, Дажынак, Вячорак, Вяселля;
* акрэсліць асаблівасці народнай філасофіі і светапогляду;
* абудзіць цікавасць да народнай творчасці, спадчыны сваёй мясцовасці;
* развіваць уменні і навыкі фалькларыста-збіральніка.

На працягу года было зроблена 4 экспедыцыі ў в. Новы Двор. Наведалі людзей розных па характару, узросту, таленту. Група лічыць, што ўсе экспедыцыі з’яўляюцца ўнікальнымі, таму што яны акумуліруюць культуру в. Новы Двор. Адметнасць жа іх у тым, што яны ўяўляюць сабой не пералік вядомых фактаў, а “жывы” матэрыял, у якім адлюстраваны нават асаблівасці мовы жыхароў в. Новы Двор.

У працы даецца поўнае апісанне светкавання “Калядаў”, “Масленіцы”, “Купалля”, “Жніво”, “Навадворскае вяселле”. Прычым у дадатках сабрана вялікая колькасць песень, абрадаў і г.д.

Другая даследчая група вырашыла праводзіць сваё даследаванне ў Свіслацкім раёне, бо гэта – “малая радзіма” – той кут, дзе нарадзіўся і ўзгадаваўся – павінен вывучацца ў першую чаргу. Таму задачамі, над якімі працавалі вучні, з’яўляліся наступныя:
* пазнаёміцца з беларускім ручніком, як прыкладам высока мастацкай тканіны;
* выявіць асаблівасці беларускага ручніка Свіслаччыны, Пружаншчыны і Ваўкавышчыны;
* пазнаёміцца з тэхналогіяй вырабу, прызначэннем ручнікоў данай мясцовасці;
* развіваць уменне даследаваць, самастойна здабываць веды з разнастайных крыніц і выкарыстоўваць іх ва ўласнай дзейнасці.

У рабоце паслядоўна праводзіўся прынцып комплекснага падыходу, абумоўлены асноўнай рысай народнай культуры – непадзельнасцю яе духоўных і матэрыяльных асноў. Ручнік разглядаецца як пэўнае ўвасабленне шматгранных сувязей – з чалавекам, грамадствам, прыродай, навакольным светам.

У працы апісаны матэрыялы і інструменты, з дапамогай якіх стваралі ручнікі на Свіслаччыне, Пружаншчыне і Ваўкавышчыне. Са слоў майстрых апісана тэхніка іх выканання, колеравае рашэнне і спосабы аздаблення.

Значнае месца ў рабоце адводзіцца пытанню тэрытарыяльных асаблівасцей ручніка кожнага з раёнаў. Даецца дакладная характарыстыка такіх яго відаў, як вясельны, пахавальны, абыдзенік, набожнік, уціральнік і скарач.

У якасці асноўнага метаду аналізу і абагульнення матэрыялу ўжываўся параўнальна-гістарычны метад, які дазволіў вызначыць асаблівасці ручнікоў данай мясцовасці як у 20 ст., так і ў наш час.

Атрыманыя звесткі паказваюць, што ручнік жыве. Доказам гэтага з’яўляюцца творы, якімі папаўняецца школьны музей. Майстрыхі Навумік Т.К., Янюк Н.І., Горбач Г.А. працягваюць сямейныя традыцыі і ствараюць высокаякасныя і дасканалыя вырабы.

Асноўнай крыніцай для напісання работы з’явіліся экспедыцыі ў вёскі Лаўрынавічы, Верашчакі, Ханявічы, Падчарнейкі, Студзенікі і Корнадзь, Белавусаўшчына, Краскі, Падароск, Ізабелін і інш. У ходзе работы ўжываліся ўсе вядомыя метады этнаграфічнага даследавання: анкетаванне інфарматараў па спецыяльна распрацаванай праграме, візуальныя назіранні, фотаздымкі, збор экспанатаў. Акрамя экспедыцыйных даных праводзіліся даследаванні ў школьным музеі.



Сучасная Гродзенская вобласць уключае ў сябе тэрыторыю некалькіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Панямонне, Заходняе Палессе і Цэнтральную Беларусь. Кожны з рэгіёнаў мае свае характэрныя адметнасці, у тым ліку і ў традыцыйным адзенні. На тэрыторыі Гродзеншчыны бытавала некалькі лакальных варыянтаў традыцыйных беларускіх народных строяў: Ваўкавыска-Камянецкі, Навагрудскі, Мастоўскі і Віленскі.

У рабоце (“Асаблівасці народнага касцюма канца 19 - пач.20 ст.”) разглядаецца традыцыйны сялянскі касцюм, які насілі ў нашым Свіслацкім раёне (Ваўкавыска-Камянецкі строй) і параўноўваецца з традыцыйным адзеннем Панямоння, якое падробна апісана ў энцыклапедыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”.

Дадзеная работа носіць тэарэтычны і практычны характар . Усе вывады зроблены дзякуючы аналізу і параўнанню матэрыялу, які быў адзначаны. На аснове сабраных звестак створаны эскізы элементаў адзення жаночага касцюма і распрацаваны праект яго выканання .

Тэма нацыянальнага касцюма наогул, і канкрэтнага адзення часткова, вельмі цікавая і актуальная ў сучасным жыцці.

Па-першае – народнае адзенне, якое выражае мастацка-эстэтычныя погляды землякоў і сімвалізуе багацейшую гісторыю краю і нацыянальную самасвядомасць, з’яўляецца нітачкай дзён мінулых, гістарычным помнікам народнага мастацтва.

Па-другое, сучасная сусветная мода ўсё часцей бярэ элементы народнага касцюма. Нашы беларускія мадэльеры не выключэнне: у сучасным касцюме, пры ўважлівым назіранні можна ўбачыць беларускі народны арнамент, натуральную тканіну, традыцыйны сілуэт, вышыўку і г.д. Многіх такі стыль прыцягвае.

Гэта работа дапаможа больш пільна прыгледзецца да рэчаў, добра знаёмых, да людзей з умелымі рукамі і пачуццём прыгажосці, далучыцца да сакрэтаў працы з дрэвам, скурай,тканінай, ніткамі і іншымі звычайнымі матэрыяламі. Вучні пабывалі ў розных народных майстроў, якія прадаўжаюць колішнія традыцыі, пазнаёміліся з рознымі відамі народнага мастацтва, яго нацыянальнымі і рэгіянальнымі асаблівасцямі, адзначылі тыя змены, якія адбыліся ў яго характары за апошні час.



З даўніх часоў наша зямля славіцца таленавітымі майстрамі. Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя амаль у кожнай вёсцы жылі людзі, якія рабілі драўляныя бочкі, цэбры, міскі, маглі ператварыць кавалак гліны ў адмысловыя збаны, глечыкі. Але ў многіх рэгіёнах народныя промыслы забываюцца, паступова адыходзяць у нябыт. Зусім іншая сітуацыя ў Корнадзі. Тут на працягу многіх гадоў жанчыны, дзяўчаты і нават мужчыны і юнакі лічаць за гонар выканаць прыгожы выраб, аздобіць яго адмысловымі, характэрнымі толькі для гэтай мясцовасці дзівоснымі ўзорамі-карункамі. Таму сакрэты народных рамёстваў і да сёняшняга часу беражліва перадаюцца ад матулі дачцэ, ад бацькі сыну.

Даследаванне народных рамёстваў (“Асаблівасці развіцця народных рамёстваў на тэрыторыі вёскі Корнадзь”) паказвае іх значэнне як каштоўнай гісторыка-этнаграфічнай крыніцы, якая дазваляе паглыбіць ўяўленні аб этнічных асаблівасцях матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, а таксама дае інфармацыю аб некаторых пытаннях этнакультурнай гісторыі