УПК Корнадский детский сад - базовая школа » Адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць музея

Чтение RSS
 
 
 

Адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць музея

Адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць школьнага музея



За час свайго існавання музей стаў цэнтрам фальклорнакраязнаўчай і вучэбна-выхаваўчай работы. Музейны матэрыял выкарыстоўваецца на ўроках літаратуры, гісторыі Беларусі, абслуговай працы, выяўленчага мастацтва.

Экспанаты выкарыстоўваюцца ў час інсцэніравання беларускіх абрадаў і святаў: Дажынкі, Уваходзіны, Благаславенне пад вянец і інш.

Загадзя падрыхтаваная група экскурсаводаў вядзе цікавы апавед у мінулае на роднай мове. Для самых маленькіх экскурсія праходзіць у дзіўнай казачнай атмасферы. У музеі ўсё проста, падпарадкавана той жыццёвай мудрасці, якая выпрацоўвалася стагоддзямі. Тут сканцэнтраваны багаты этнаграфічны матэрыял: традыцыйныя сельскагаспадарчыя і рамесніцкія прылады працы, драўляны і керамічны посуд, начынне з лазы, вырабы хатняга ткацтва. Асаблівую цікавасць уяўляюць ручнікі пачатку 20 стагоддзя. Ім навогул у музеі адведзена важнае месца, яго ролі на розных этапах чалавечага жыцця. Значнае месца ў калекцыі займаюць прадметы ткацтва: калаўрот, трапала і часала льну, матавіла, чаўнакі, верацёны, варштат.

Вынікам адукацыйных задач музея стала пашырэнне форм яго працы – ад спецыфічных музейных да нетрадыцыйных. Экскурсаводы стараюцца стварыць такую эмацыянальную атмасферу, каб наведвальнікі не толькі атрымлівалі веды па прапанаванай тэме, але каб сустрэча з мінулым заахвоціла і да больш глыбокага знаёмства з этнаграфіяй свайго краю.

З эстэтычным густам аформлены альбомы, рэфераты, сцэнарыі, праекты, прысвечаныя гісторыі Беларусі, народнаму мастацтву, знакамітым дзеячам. Прычым усе гэтыя мерапрыемствы былі праведзены з выкарыстаннем экспанатаў школьнага музея. Самымі цікавымі з іх з’яўляюцца: свята “Багач”, экалагічна-этнаграфічнае прадстаўленне “У гасцях у міфічных герояў”, завочнае падарожжа “Вандроўка ў мінулае родных мясцін”, урок ведаў “Над Белай Руссю – белы Бусел”, “Жыву ў Беларусі, тым і ганаруся”, “Я – грамадзянін Беларусі”.

Асаблівую каштоўнасць сярод іх мае праект “Беларускія народныя мастацтвы”, які быў распрацаваны ў 2010-2011 навучальным годзе на ўроках выяўленчага мастацтва (кіраўнік Лысевіч В.А.). Мэтай якога стала паглыбіць і канкрэтызаваць веды вучняў пра беларускае народнае мастацтва і яго адметнасць як адну з найвышэйшых прыкмет этнасу, паказаць практычнае прымяненне набытых ведаў, праекцыю іх на ўласную дзейнасць і развіваць пазнавальныя навыкі вучняў, іх крытычнае мысленне, уменне даследаваць, выхоўваць гонар за сваю духоўную спадчыну, захапленне ею і павагу да яе. У выніку канчатковым рэзультатам праекта стала афармленне альбома, які аб’яднаў у сабе ўвесь матэрыял, сабраны і выкананы ўдзельнікамі праекта.

Вучні правялі даследаванне, прасачылі гісторыю з’яўлення і змянення беларускіх народных мастацтваў, азнаёміліся з падрабязнымі апісаннямі звычаяў і традыцый, у якіх ёсць інфармацыя пра беларускае народнае мастацтва. Сустрэліся са знакамітымі народнымі майстрамі сваёй мясцовасці, склалі ўзор для ручніка. У творчай форме адбылася абарона праекта. У выніку многія работы вучняў сталі экспанатамі музея.

Працуючы над гэтым матэрыялам, дзеці змаглі больш поўна ўявіць гісторыю свайго краю, правесці краязнаўча-даследчую работу. У выніках сваіх даследаванняў яны не толькі атрымалі грунтоўныя веды. Праведзеная работа выхоўвае пачуццё адзінства са сваім народам, гонар за яго, жаданне быць вартым яго.

Не менш арыгінальным з’явіўся праект “Беларускі ручнік”, які быў прадстаўлены на алімпіядзе па працоўнаму навучанню Ступчык А., вучаніцай 9 класа, (кіраўнік Лысевіч В.А.). Дзяўчынка не толькі прасачыла гісторыю з’яўлення і змянення беларускага ручніка, пазнаёмілася з тэхналогіяй ткання і спосабамі аздаблення, але і паспрабавала вызначыць сучаснае яго жыццё і стварыць ручнік сама.

У мінулым навучальным годзе (2011-2012) паспяхова адбылася рэалізацыя праекта “Вялікдзень”. З самім праектам і яго вынікам прапаноўваем пазнаёміцца.

Заняткі ў музеі распрацоўваюцца для канкрэтнай аўдыторыі з улікам псіхолага-педагагічных характарыстык.
Цесную сувязь мае музей з гуртком “Народныя рамёствы” (кіраўнік Лысевіч В.А.)

Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Папулярнасць яго нязменная, патрэба ў ім адчуваецца і ў нашы дні. Па-ранейшаму ручнік абавязкова прысутнічае ў найбольш важныя, пераломныя этапы жыццёвага шляху чалавека. Можна ўбачыць падоўжаны кавалак узорыстай тканіны там, дзе святкуюцца радзіны і вяселле, сустрэнеш яго і на праводзінах ў апошнюю дарогу. Без традыцыйнага набожніка не абыходзіцца зараз ніводная больш-менш значная выстава народнага мастацтва, бо менавіта ручнік з найбольшай яркасцю ўвасабляе нацыянальныя рысы арнаментальнага мастацтва, высокае майстэрства ткацтва, вышыўкі і вязання.

І ў нашы дні ў вёсках Свіслаччыны можна знайсці хаця б аднаго майстра альбо майстрыху, якія доўжаць традыцыі старажытнага народнага мастацтва. Славіцца ў вёсцы Корнадзь сваімі ручнікамі Навумік Таццяна Канстанцінаўна. Вышыўку выконвае ў такой тэхніцы, як ценевая гладзь і крыжык. Не менш знакамітая ў вёсцы Янюк Ніна Іванаўна. Яе работы вылучаюцца акуратнасцю, дэкаратыўнасцю. Надзяліў Бог талентам і Горбач Ганну Аляксееўну. Некалькі сваіх сучасных ручнікоў яна ўжо падарыла музею.

Такім чынам, у школе ёсць усе магчымасці для таго, каб пачаць збіраць і ствараць творы, якія ў дальнейшым будуць уваходзіць у экспазіцыю “Сучасны ручнік”.

Савет музея, які складаецца з настаўнікаў і вучняў, у далейшым плануе ствараць перасовачныя выставы. Гэта будзе садзейнічаць таму, што з экспанатамі музея зможа пазнаёміцца большая колькасць людзей.

У будучым вельмі хацелася бы наладзіць сувязь з краязнаўча-этнаграфічнымі музеямі рэспублікі.